26 кастрычніка 2019 г. кафедрай філалогіі пры падтрымцы універсітэцкага прафсаюзнага камітэта студэнтаў была арганізавана і праведзена экскурсія ў музей К. Чорнага ў Цімкавічах і Музей слуцкіх паясоў. Паездка займала шмат часу, але сумаваць не даводзілася, бо нам пашанцавала з экскурсаводам, які на працягу ўсяго падарожжа расказваў цікавыя гісторыі пра мясціны, якія мы праязджалі, прыводзіў розныя факты пра гістарычных асоб і падзеі мінулага.
Першым прыпынкам былі Цімкавічы. Экскурсія пачалася з тэатралізацыі жыццёвага эпізоду: маці Міколы Раманоўскага (сапраўднае імя Кузьмы Чорнага) пазычыла ў суседзяў кавалак сала, выпраўляючы сына на вучобу ў Нясвіж. У цімкавіцкім музеі 5 залаў. Адзін з іх знаёміць з дзяцінствам і юнацтвам пісьменніка. Тут адноўлены інтэр'ер сялянскай хаты і сельскай школы - з лаўкамі, грыфельнай дошкай. Другая зала прысвечана творчасці Кузьмы Чорнага ў 1920-1930-я гады. Тут можна ўбачыць стол, за якім працаваў літаратар. Яшчэ адна экспазіцыя прысвечана ваеннаму перыяду яго жыцця.
«Кузьма Чорны прасіўся на фронт, але здароўе было не тое, таму змагаўся з ворагам сваім вострым пяром. У ваенныя гады ён, ужо цяжка хворы, шмат працаваў і напісаў каля паўсотні артыкулаў і фельетонаў, тры раманы, падрыхтаваў да друку зборнік апавяданняў “Вялікае сэрца”, — пералічвала дырэктар музея. — Калі ён перанёс інсульт, то стаў страчваць зрок, але ўсё роўна не мог ляжаць без справы, ведаючы, што ідзе вайна. Таму браў аркуш паперы, клаў трафарэт і, намацваючы пальцамі літары, працягваў пісаць. Так ён стварыў раман “Пошукі будучыні”».
У музеі можна пачуць голас Кузьмы Чорнага, запісаны на магнітную стужку, убачыць фотаздымкі з сямейнага альбома Раманоўскіх, малюнкі пісьменніка, копіі рукапісаў і першых выданняў яго твораў. Цікавы экспанат — зборнік апавяданняў «Вераснёвыя ночы» з двума аўтографамі.
Мы ўбачылі абрус, вытканы маці Кузьмы Чорнага, яго паліто, самавар, карту Беларусі. Яна адметная тым, што была надрукавана да 1939 года, калі побач з Цімкавічамі праходзіла мяжа з Польшчай. Калі ў пачатку вайны фашысты бамбілі Мінск і пісьменнік пакідаў кватэру, ён у апошні момант сарваў гэтую карту са сцяны і забраў з сабой. Прыемнай нечаканасцю ў часе экскурсіі была фотасесія «Міс Восень».
У Слуцку нам пашанцавала быць сведкам падзеі, вельмі значнай для беларускай літаратуры і культуры. Былы дырэктар гімназіі М. І. Хілько перадаў у музей лісты Кузьмы Чорнага, напісаныя пісьменнікам да сястры за два месяцы да сваёй смерці ў 1944 годзе. Мікалай Іванавіч расказаў, што стараўся лішні раз не кратаць гэтыя лісты, інакш за 75 гадоў яны маглі б быць страчанымі.
У Музеі слуцкіх паясоў мы даведаліся, што пояс — гэта элемент мужчынскага адзення ў Вялікім Княстве Літоўскім, які быў прыкметай шляхетнага паходжання і высокага дабрабыту ўладальніка. Вядомы верш М. Багдановіча «Слуцкія ткачыхі» расказвае пра прыгонных дзяўчат, якія ткалі паясы на ўзор персідскіх. Аднак, як заўважыла экскурсавод музея, насамрэч права ткаць паясы мелі толькі майстры-мужчыны. Іх праца добра аплочвалася. А за такую вольнасць, як «цвяток радзімы васілька» замест персідскага ўзору, майстру давялося б ткаць пояс нанова, і пры гэтым не атрымаць платы. Можна лічыць версію паэтавымыслам. Але сёння на эксклюзіўным ткацкім станку працуюць менавіта дзяўчаты! І таму варта пагадзіцца з думкай А. І.Белай, якая назвала верш «Слуцкія ткачыхі» мастацкім прадбачаннем таго, што адбываецца ў XXI стагоддзі. Сёння беларускія мастакі стварылі непаўторныя ўзоры, а майстрыхі асвоілі адмысловую тэхналогію. Так узноўлена традыцыя сусветнай вядомасці слуцкіх паясоў, закладзеная яшчэ ў часы княжання Радзівілаў.
https://ph.barsu.by/index.php/naviny-i-ab-yavy/timkavichi#sigProId3af9cb2735