З 19 па 23 верасня 2022 г. студэнты і прафесарска-выкладчыцкі склад УА «Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт» прынялі ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных Рэспубліканскаму Тыдню роднай мовы «Як ты дорага мне, мая родная мова!».
Тыдзень роднай мовы адкрыўся выставай плакатаў «Беларускія пісьменнікі пра родную мову», якая мела на мэце падкрэсліць ролю беларускай мовы як сродка фарміравання нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа.
«Янка Купала і Якуб Колас. Беларускае сузор’е» — пад такой назвай 20 верасня 2022 года прайшла віртуальная віктарына, падрыхтаваная студэнтамі групы БЗМ-21, пад кіраўніцтвам старшых выкладчыкаў кафедры Н.У. Ермаловіч і Л.У. Пракоф’евай. Мерапрыемства было прысвечана 140-годдзю з дня нараджэння славутых паэтаў, якое адзначаецца сёлета. Першакурснікам груп ПА-11, ДА-11 былі прапанаваны пытанні рознага ўзроўню складанасці па біяграфіі і творчасці песняроў.
21 верасня 2022 года адбыўся круглы стол «Перыядызацыя гісторыі беларускай мовы: праблемы і перспектывы». Арганізатарамі навуковай дыскусіі для студэнтаў 4 курса спецыяльнасці «Сучасныя замежныя мовы» выступілі загадчык кафедры філалогіі, кандыдат педагагічных навук, І. С. Чуносава і старшы выкладчык кафедры філалогіі Д. С. Томчык. У межах мерапрыемства таксама адбылася інтэрактыўная квэст-гульня, накіраваная на засваенне асаблівацей асноўных перыядаў фарміравання беларускай літаратурнай мовы, найбольш важных гістарычных падзей і знакамітых помнікаў пісьменства.
22 верасня 2022 года пад кіраўніцтвам старшых выкладчыкаў кафедры філалогіі А.М. Гацко і Ж.В. Косцінай студэнты вучэбных груп СЗМ-31, ІСТ-11 правялі інфарм-дайджэст «Шануй, беларус, сваю мову…». Выступальнікі расказалі аб гісторыі станаўлення, развіцця беларускай мовы і падкрэслілі неабходнасць беражлівых адносін да яе.
23 верасня 2022 года ў чытальнай зале новых паступленняў УА «Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт» адбылася сустрэча студэнтаў групы БЗМ-21 і навучэнцаў ГУА «Гімназія №1 г. Баранавічы», якая праходзіла ў форме лекцыі-прэзентацыі на тэму «Сцежкамі Францыска Скарыны». Старшым выкладчыкам кафедры Ж. В. Косцінай была падкрэслена роля навукі і літаратурнага слова ў жыцці нашых продкаў, адзначана вялікая роля беларускага першадрукара ў станаўленні ўсходнеславянскага пісьменства. Тэму дапоўніў Д.С. Томчык, які раскрыў асаблівасці мовы перакладаў Францыска Скарыны. У ходзе сустрэчы прысутныя маглі азнаёміцца з факсімільнымі выданнямі Бібліі.
https://ph.barsu.by/index.php/naviny-i-ab-yavy/respublikanski-tydzen-rodnaj-movy-yak-ty-doraga-mne-maya-rodnaya-mova#sigProIdab3ae20f61