ПЕРШЫ ДЗЕНЬ ЗІМЫ РАЗАМ З НАВУКОВА-МАСТАЦКІМ ГУРТКОМ «ГЕБА»

 1 снежня 2021 года ў межах навукова-адукацыйнага інтэнсіву «Трыбуна маладога даследчыка» адбыўся семінар па праблеме публічнага выступлення. Даклады падрыхтавалі студэнты, якія ўваходзяць у навукова-мастацкі гурток «Геба». Творчая праца стала добрай традыцыяй на лінгвістычным факультэце. Гэта працяг дзейнасці гуртка «Среда», што ўзначальваў кандыдат філалагічных навук А. М. Фянчук.

Дзейнасць «Гебы» стала больш шырокай, бо ахапіла не толькі творчыя набыткі студэнтаў, але і скіравала іх у рэчышча навуковых пошукаў, звязаных з асабістымі літаратурнымі захапленнямі.

Уступнае слова сказала Ж. В. Косціна, старшы выкладчык кафедры філалогіі, кіраўнік гуртка, якая распавяла пра даўнія традыцыі і мэты такіх арганізацый, як Філаматычнае таварыства ў Францыі ХVІІІ стагоддзя, «Дружеское литературное общество», «Вольное общество любителей словесности, наук и художеств», «Арзамас» у Расіі пачатку ХІХ стагоддзя, Таварыства філаматаў і філарэтаў у Віленскім універсітэце пачатку ХІХ стагоддзя.

З навуковымі дакладамі выступілі студэнткі групы БЗМ-21. Іваноўская Лізавета ў сваім даследаванні асвятліла пытанне асаблівасцей мовы літаратурных твораў, Іваноўская Настасся аналізавала сімвал ветру ў творах Элізы Ажэшкі, Карпей Настасся распавяла пра ролю сінтаксічных фігур у паэзіі, ілюструючы іх на прыкладах з уласных вершаў.

Свае навуковыя пошукі і літаратурныя спробы прадэманстравалі першакурснікі – студэнткі групы РЗМ-11. Яўсейчык Ангеліна падрыхтавала паведамленне пра асаблівасці інтымнай паэзіі і тэму кахання ў творчасці Сяргея Ясеніна. Яна прыемна ўразіла ўдзельнікаў і гасцей гуртка «Геба» ўласнымі вершамі. Гарачова Настасся цікавіцца філасофскай прозай, таму расказала пра эвалюцыю гэтага віду мастацкага разважання і прачытала сваё філасофскае эсэ на тэму адказнасці і свабоды.

Сустрэчы ў навукова-мастацкім гуртку «Геба» дазваляюць студэнтам навукова прааналізаваць элементы творчага літаратурнага працэсу, лепш зразумець спробу ўласнай творчасці, падрыхтаваць да публікацыі вынікі навуковых і мастацкіх пошукаў.