Тыдзень кафедры філалогіі

Традыцыйна кафедра філалогіі факультэта славянскіх і германскіх моў праводзіць тыдзень кафедры, прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы, які ўся міжнародная супольнасць святкуе 21 лютага. У сувязі з гэтай нагодай студэнтамі груп БР-51, БЯЛ-41 праведзены інфармацыйныя хвіліны для студэнтаў факультэтаў славянскіх і германскіх моў, педагогікі і псіхалогі, інжынернагафакультэта.

Студэнты-філолагі змястоўна і эмацыянальна расказалі пра гісторыю ўзнікнення свята ўшанавання роднай мовы, з пачуццём павагі гаварылі пра нашу родную беларускую мову, заклікалі шанаваць яе, бо мова — жывая тканіна, прарастае там, дзе крынічыць людское жаданне.

Да Міжнароднага дня роднай мовы студэнты факультэта славянскіх і германскіх моў, факультэта педагогікі і псіхалогіі падрыхтавалі насценныя газеты — яркія, змястоўныя, з густам аформленыя.

21 лютага ў межах тыдня кафедры філалогіі на базе філіяла ў ДУА «Гімназія №1 г. Баранавічы» быў арганізаваны і праведзены бінарны практыкум па тэме «Няпарныя цвёрдыя зычныя».

Мэта мерапрыемства: развіццё супрацоўніцтва паміж УА «Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт» і ДУА «Гімназія № 1 г. Баранавічы»; знаёмства будучых настаўнікаў з сучаснымі метадамі і формамі работы з навучэнцамі, абмен вопытам; удасканаленне прафесійных кампетэнцый студэнтаў; выхаванне цікавасці да роднай мовы.

Мерапрыемства стала працягам мэтанакіраванай сумеснай працы выкладчыкаў універсітэта і настаўнікаў гімназіі.

Сваімі метадычнымі напрацоўкамі дзялілася Конч Ганна Іванаўна, настаўнік вышэйшай катэгорыі.

Дапамагала ў правядзенні паказальнага ўрока Чарніцкая Наталля Ігараўна,студэнтка групы НБ-51 факультэта педагогікі і псіхалогіі.

Вопыт пераймалі студэнты групы НО-21 факультэта педагогікі і псіхалогіі.

24 лютага быў праведзены навукова-метадычны семінар «Тэарэтыка-метадалагічныя і метадычныя аспекты вывучэння славянскіх моў і літаратур (па выніках выдадзеных навукова-метадычных прац)».

Прафесар Белая Алена Іванаўна прэзентавала вынікі даследаванняў у галіне мастацкай персаналогіі на матэрыяле беларускай прозы першай трэці XXстагоддзя — «Беларускія характары і тыпы: пераемнасць і сувязі».

Старшы выкладчык Галаўко Жанна Анатольеўна звярнулася да пытанняў маўленчага этыкету, правяла майстар-клас па фарміраванні культуры маўлення. Старшы выкладчык Ермаловіч Наталля Уладзіміраўна выступіла з дакладам «Формирование речевого поведения учащихся через речевой этикет и языковые нормы говорения в условиях русско-белорусского билингвизма».

Дацэнт Пучынская Таццяна Міхайлаўна акрэсліла актуальныя пытанні пры напісанні школьных навуковых работ па беларускай мове і літаратуры.


У абмеркаванні пытанняў прымалі ўдзел настаўнікі школ горада Баранавічы (ДУА «Гімназія № 1», «СШ № 4», «СШ № 7», «СШ № 17», «СШ № 4», «СШ № 20»), ДУА «СШ № 2 г. Ляхавічы»; выкладчыкі і студэнты факультэта славянскіх і германскіх моў.

Калектыў кафедры філалогіі запрашае да навукова-метадычнага і творчага ўзаемадзеяння ўсіх зацікаўленых асоб.