Паездка ў Інстытут мовы імя Якуба Коласа

19 лютага 2019 года студэнты групы БЗМ-21 спецыяльнасці "Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)" у межах тыдня кафедры фіалалогіі здзейснілі падарожжа ў Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з мэтай знаёмства з дзейнасцю Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і ўдзелу у мерапрыемствах, прысвечаных Тыдню роднай мовы. Такая паездка стала магчымай дзякуючы навуковым стасункам старшага выкладчыка кафедры Томчыка Дзмітрыя Сяргеевіча, які атрымлівае паслядыпломную адукацыю ў аспірантуры інстытута.

 

Сустрэча з навуковымі супрацоўнікамі інстытута прайшла ў надзвычай спрыяльнай і сяброўскай атмасферы. Першапачаткова перад студэнтамі выступіў дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Лакотка А.І., доктар гістарычных навук, прафесар, акадэмік НАН Беларусі. Ён пазнаёміў з агульнай дзейнасцю цэнтра, расказаў пра яго арганізацыйную структуру і найбольш важныя дасягненні.

Наступным выступоўцам стаў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Капылоў І.Л., кандыдат філалагічных навук, дацэнт, які расказаў пра дзейнасць установы ў цэлым, паведаміў пра асноўныя вехі гістарычных падзей і запрасіў студэнтаў і выкладчыкаў кафедры філалогіі прыняць удзел юбілейных мерапрыемствах, прысвечаных 90-годдзю са дня стварэння Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.

Далейшую эстафету выступленняў узялі загадчыкі аддзелаў і сектараў інстытута: В.М.Курцова, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі; Н.В.Паляшчук, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы; Мандзік В.А., кандыдат філалагічных навук, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснай беларускай мовы; Лапцёнак А.М., кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі; Антропаў М.П., кандыдат філалагічных навук, дацэнт, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела славістыкі і тэорыі мовы; Нікалаева В.М., кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей. Акрамя таго выступілі перад студэнтамі супрацоўнікі сектараў камп'ютарнай лінгвістыкі і этналінгвістыкі і фальклору. Кожны выступоўца ў вельмі цікавай і нязмушанай форме расказаў пра дзейнасць свайго структурнага падраздзялення, фактычна, перад студэнтамі ў кароткім выглядзе была выкладзена лекцыя па гісторыі беларускага мовазнаўства, але пачулі яе студэнты, як кажуць, з першых вуснаў.

Вучоны сакратар Інстытута мовазнаўства кандыдат філалагічных навук дацэнт В.У.Міцкевіч забяспечыла інфармацыйную і прэзентацыйную частку сустрэчы. Для студэнтаў была падрыхтавана мультымедыйная прэзентацыя, а таксама прынесены ўсе асноўныя выданні супрацоўнікаў інстытута, некаторыя з фаліянтаў былі вельмі рарытэтнымі і не паказваліся шырокай публіцы. Усё гэта паказвала на жаданне ўдзельнікаў сустрэчы захапіць студэнтаў мовазнаўчымі даследаваннямі, паказаць важнасць вывучэння беларускай мовы як сярод іншых славянскіх моў, так і індаеўрапеістыкі ў цэлым.

Студэнтам была прапанавана ўнікальная магчымасць наведаць экспазіцыю фондасховішча Цэнтра беларускай культуры, мовы і літаратуры, што мае статус музея, а 2001 годзе Саветам Мністраў Рэспублікі Беларусь калецыі музея былі прызнаны навуковым набыткам. Унікальныя калекцыі матэрыяльнай культуры розных эпох, беларускі іканапіс, элементы ткацтва, бортніцтва, рыбалоўлі, артэфакты чарнобыльскай зоны Беларусі, прадстаўленыя навуковымі супрацоўнікамі музея, надоўга запомняцца студэнтам і дадуць магчымасць лепш асэнсаваць развіццё беларускай матэрыяльнай культуры.

Акрамя таго, старшым выкладчыкам Томчыкам Д.С. для студэнтаў была праведзена экскурсія па гістарычнай частцы горада Мінска, наведаны Траецкае прадмесце, Востраў слёз, плошчы Свабоды і Незалежнасці.